САН-СТЭФА́НСКІ МІР 1878,

папярэдні мірны дагавор паміж Расіяй і Турцыяй, які завяршыў рус.-тур. вайну 1877—78. Падпісаны 3.3.1878 у Сан-Стэфана (цяпер Ешылькёй каля Стамбула). Паводле С.-С.м.д. Чарнагорыя, Сербія і Румынія атрымлівалі поўную незалежнасць ад Турцыі, іх тэрыторыі значна пашыраны; Боснія і Герцагавіна набывалі аўтаномію ў рамках Асманскай імперыі; Балгарыя, у межы якой уключалася і гіст. Македонія, ператваралася ў падвасальнае Турцыі аўт. княства з правам выбрання сабе князя. Расія атрымлівала землі ў Закаўказзі з гарадамі Батумі, Карс, Ардаган і Баязет, а таксама страчаную ў выніку Крымскай вайны 1853—56 Паўд. Бесарабію (акрамя астравоў у дэльце р. Дунай), узамен якой Румыніі перададзена Турцыяй Паўн. Дабруджа. У выніку процідзеяння вядучых еўрап. дзяржаў, асабліва Вялікабрытаніі і Аўстра-Венгрыі, С.-С.м.д. быў заменены на Берлінскім кангрэсе 1878 шматбаковым дагаворам, які быў значна менш выгадны для Расіі і Балгарыі (захавала аўтаномію, але страціла б.ч. тэрыторыі).

т. 14, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)